ГАРАДСКІ́ ГАЛАВА́,

службовая асоба ў Рас. імперыі. Узначальваў гарадскую думу і гарадскую ўправу. Пасада ўведзена ў 1785. Паводле гарадской рэформы 1870—75 гарадскі галава выбіраўся на 4 гады гар. думай і зацвярджаўся міністрам унутр. спраў (у губ. гарадах) або губернатарам. У невял. гарадах выконваў функцыі гар. управы. Сумяшчэнне ў асобе гарадской галавы пасад старшыні гар. управы і старшыні гар. думы абмяжоўвала дзейнасць апошняй і пакідала магчымасць самавольства. З 1892 гарадскі галава лічыўся чыноўнікам дзярж. службы. Паводле закону ад 16.6.1870 на пасады гарадской галавы і яго намеснікаў забаранялася выбіраць яўрэяў, што асабліва датычыла бел. губерняў.

А.М.Люты.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)